Касмічны сінт-поп праект з Мінску “Кассиопея” выступіў 11 красавіка ў баранавіцкім клубе New Sound Land.
Коцік, Козлік і Нязнайка (удзельнікі гурта “Кассиопея”) нагадваюць касмічных герояў, часова прапісаных на Зямлі. Гісторыя гурта пачалася яшчэ ў 90-х гадах мінулага тысячагоддзя. За гэты час героі паспелі зачаравацца зямным жыццём і расчаравацца ў ім. Музычны прадукт, які стварае “Кассиопея” нагадвае постмадэрнісцкую мяшанку з песенных і літаратурных цытатаў, гарадской дзіцячай міфалогіі і чыста дарослых высноваў пра жыццё, а таксама з псіхадэлічных калыханак-страшылак пра верабейчыкаў, каханне і смерць.
Найдзіўнейшы шызапоп, арбітальная акустыка, авангардны выбрык – такімі словамі крытыкі пазначаюць музычны вектар “Кассиопеи”.
“Не верце ім. Яны кпяць з усяго і ўсіх. Тут няма ніякага крэатыву”, – неаднойчы спрабаваў данесці ўсцешанай баранавіцкай публіцы невядомы Міша, які колькі разоў прарываўся на сцэну. Зрэшты, клавішнік “Кассиопеи” Коцік кожнага разу з гэтым абсалютна пагаджаўся. І кожнага разу музыкі працягвалі зачароўваць публіку.