галоўная | было | афішы | фота | спасылкi | жж | last.fm |rss

++
«N.R.M. — гэта сапраўднае шчасце творчасці!»

Тры разы прызначаўся дзень канцэрта гурта N.R.M. І на трэці канцэрт усё ж такі зладзіўся. І зладзіўся, трэба адзначыць, проста выдатна! Нават нягледзячы на нешматлікую колькасць людзей, настрой у музыкаў быў выдатны. І яны, як заўсёды, зараджалі ім усю залу.

Самыя папулярныя сярод слухачоў-«карыстальнікаў інтэрнэтам» кампазыцыі N.R.M., якія увайшлі ў плытку «Справаздача», зграліся ад пачатку і… не да самага канца.

Але пра ўсё падрабязней самі музыкі, з якімі мне давялося сустрэцца адразу пасля канцэрту.

- Якія уражанні засталіся ў вас пасля сённяшняга канцэрту? Ці не падалася публіка надта млявай?
Лявон: Публіка па-просту не прывучаная, каб нехта прыяжджаў. Ясна, што трэба рабіць усебаковы апгрэйд, прыяжджаць нашмат часцей. Па-просту клубу New Sound Land трэба запрашаць госцікаў маладых, каб народ ведаў, што ёсць такі клуб, дзе можна нармальна пакаўбасіцца альбо проста паслухаць музыку. Відаць, што людзі маладыя і не ў кантэсце крышачку. Але я б не сказаў, што яны такія ўжо дзіка млявыя.
Піт: Яна не млявая публіка, яе проста мала. А так публіка традыцыйная. Праўда ёсць крыху «дзіўныя заўвагі»: калі мы пайшлі пасля такой сур’ёзнай песні («Лёгкія-лёгкія» -заўв. аўт.), не зграўшы нашых галоўных хітоў энэрэмаўскіх…
Л.: Пазытыўных!
П.: …усе так: «А, ну пайшлі і пайшлі…» А ёсць такі «закон жанру», паводле якога трэба выклікаць на біс.
Л.: І ў нас звычайна назапашана яшчэ песень сем пасля гэтай «сакрамантальнай» песні («Лёгкія-лёгкія» -заўв. аўт.). Калі мы выходзім, мы граем яшчэ і іх. Але раз ужо народ вырашыў ісці, то і мы пйшлі…

- У гэтым годзе вы адзначылі свае 10-годдзе…
П.: Яшчэ не адзначылі: толькі позняй восеньню будзем адзначаць.

- Нешта будзеце ладзіць?
Л.: Ну як «будзем ладзіць»ў Дзе-небудзь у вёсцы збярэмся…
П.: Мы ж не збіраемся разам. Па-за гастролямі не сустракаемся. Можа вось гэта будзе адзіны раз, калі мы збярэмся не на канцэрты, гастролі, а проста…
Л.: Ясна, што мы не будзем рабіць нейкіх акцыяў…
П.: Пратэста!
Л.: І працеста…
П.: І пра гэтыя сто…
Л.: І пра «те сто»…
П.: І пра «тестка», і пра пірожнае…
Л.: …канцэртных у Палацы Рэспублікі.
П.: Не, ну ў Лядовым палацы ў нас запланаваны канцэрт…
Л.: Але гэта ніяк не звязана з юбілеем. Хутчэй за ўсё, мы адзначым вузкім колам сябе і нашых сяброў.

- Якія вынікі можаце зрабіць па прашэсці дзесяці год?
П.: Ніякіх! Калі мы зробім вынікі, тады ўжо толькі ў труну легчы. Пакуль, на шчасце, яшчэ ідзе працэс, пішуцца новыя песні, граюцца канцэрты…
Л.: Ідзе нейкае развіццё.
П.: Нават далягляды нейкія новыя адкрываюцца, новыя прасторы…
Л.: Дарэчы, заўтра вось сустракаемся з MTV (ня ведаю, праўда, навошта).

А калі канцэптуальна казаць, то на парцягу дзесяці гадоў каманда развівалася ў розных творчых накірунках,- гэта можна прасачыць. Мы, калі рабілі «Справаздачу», паглядзелі на тое, што рабілі дзесяць год таму і нам спадабалася.

— Што датычыцца «Справаздачы»: ці не здзівіў вас выбар вашых прыхільнікаў кампазыцыяў на гэтую плытку?

П.: Мяне здзівіў!!! (смяецца) Насамрэч, спрэчныя там былі дзве-тры кампазыцыі. Я нават вызначыў такую заканамэрнасць: гэтыя кампазыцыі на альбомах стаяць першымі. Т.ё., людзі ўкладаюць плытку, чуюць першую песню: «О!»… Гэта, канешне, не знаўцы нашае творчсці, бо знаўцы былі абураныя нават больш за мяне.
Л.: Яны крычалі, плакалі… (смяецца) Ад сябе магу сказаць: ну што здзіўленыя ці не здзіўленыя? Гэта было абсалютна дэмакратычна, урэчышчы ну проста дзікай дэмакратыі. Мы аддалі «на расьцерзаніе» фанатам наш матэрыял і «народ свой выбар зьдзелаў!»
П.: Не, дэмакратыя была абмежаваная тым, што галасаванне ішло толькі сярод карыстальнікаў інтэрнэтам. Звычайныя грамадзяне, якія ім не карыстаюцца, не ўдзельнічалі наогул.

- Але гэта ўсё ж такі выбар новай плыні вашых прыхільнікаў. Вось наколькі розняцца тыя «партызаны», што наведвалі вашыя канцэрты раней з цяперашнімі?
Л.: У кожным горадзе розны «збег» слухачоў і гледачоў. Увесь час прыходзяць новыя прыхільнікі пад нашыя сцягі. ў маленькіх гарадах часта прыходзяць і людзі з залатымі зубамі. Нават тыя, хто слухаў нас і дзесяць год таму: напрыклад, у Мінску тыя, хто слухаў нас дзесяць год таму, безумоўна, ужо не будуць хадзіць на нашыя канцэрты, бо яны паставілі нармальныя керамічныя зубы, нармальна альбо не нармальна пачываюцца ў жыцьці і ім проста не да канцэртаў.

— Сённяшнім канцэртам завершыўся ваш тур. Які горад ці канцэрт запомніўся вам больш за ўсё?

Л.: Кожны горад і кожны канцэрт запамінаецца…
П.: Усе адметныя.
Л.: …як мінімум на дзесяць год.
(да размовы далучыўся Юрась Ляўкоў)
Ю: Ну на пяць!..
Л.: І сённяшні таксама запомніўся: малады клуб, не багата людзей. Кожны канцэрт своеасаблівы і калі мы будзем проста граць нейкім валам, то навошта тады наогул гэтым займацца?

- Вы ўсе удзельнічаеце ў розных праектах. Ці не перашкаджае гэта працы гурта N.R.M.?
Ю.: Канешне, перашкаджае!!! (смяецца)
Л.: Мы з Пітам звычайна кажам, што наадварот дапамагае.
П.: Узбагачае палітру нашых уласных густаў.
Л.: І па-просту тэхнічна: мы ж не будем граць гамы, каб тэхніку падвышаць. Граючы ўвесь час у іншых праектах, у N.R.M. мы можам тэхнічна бліснуць.
П.: Мы самі расцем і, уласна, прыносім у N.R.M. нейкія думкі, назапашаныя ў іншых месцах. А N.R.M. гэта такая лабараторыя: ён дазваляе гэтыя рэчы лёгка ўвасобіць. Таму што, напрыклад, ва ўласных праектах мне значна складаней нешта зрабіць: я мушу проста сядзець і ўсё «высядзець». А ў N.R.M. прынес кавалак нейкі, думкі і не клапоцішся пра гэта далей, таму што там ёсць каму гэты кавалак увасобіць. І іншыя кавалкі ты падхопліваеш. N.R.M. — гэта сапраўднае шчасце творчасці!
Л.: Гэта сапраўды незмушнасць працы. І вельмі выдатна, што такое прысутнічае. Мы не прыходзім як на работу…
Ю.: Мы наогул не прыходзім! (смяецца)
Л.: Мы проста збіраемся і калі нам падабаецца, нешта робім і яно ідзе само, па-за намі.
П.: Калі не ідзе, мы проста адразу адкідаем,- ужо колькі разоў такое было. Нават калі хтосці «очэнь хочэт» сам, мы яму: «Што ты ўсё?..»
Л.: Адстань! Адстань! Ну не пайшло!
П.: І ўжо вымушаны гэта ўплішчваць да сябе…
Л.: У «Гарадскіх» (смяецца)

- А вашыя праекты робяцца дзеля камэрцыйнасці ці дзеля творчай самазрэалізацыі?
П.: На гэтае пытанне цяжка адказаць шчыра. Грошы патрэбныя проста дзіка і патрэбныя дзеля ўсяго: нават каб проста нарэзаць кружэлкі, каб ездзіць, каб падтрымліваць маладыя гурты. Але калі пачаць рабіць музыку дзеля грошай, то атрымаецца «Фабрыка зорак»: вось вершыня музычнай тэхналогіі ў Расіі, у Амэрыцы гэта, напэўна, Брытні Спірс.
Л.: Я магу дадаць толькі тое, што ў нашай краіне рабіць музычныя праекты проста нерэальна. Дзеля камэрцыйнасці трэба рабіць у нейкай іншай краіне. У нашай — любым збольшага нармальным музычным жанрам займаюцца за грошы ў 10 разоў меншыя, чым у суседніх краінах.. Таму калі пачынаюць казаць, Піт Паўлаў стварыў гурт «Піт Паф» дзел таго, каб азалаціцца, гэта глупа. Альбо, што «Крамбамбуля» грае на нейкіх там банкетах і прэзентацыях,- гэта проста смешна. І ніхто з нас не робіць таго, што яму не падабаецца: чыста дзеля грошай ніхто ў нас не працуе і песен не піша.

Падыйшоў Алезіс Дземідовіч. Але да размовы так і не далучыўся.

- Якія мэты вы ставіце на бліжэйшыя дзесяць год?
Ю.: Захоп улады!
П.: Дажыць бы ўжо хаця б, дацягнуць бы…
(смех)
Л.: Мэтаў шмат розных, але пра іх не мае сэнсу размаўляць, бо яны то адмяняюцца, то з’яўляюцца нейкія іншыя.
П.: Мэты трэба ставіць! Але калі імкнешся да адной мэты, заўсёды атрымоўваецца нешта іншае, і гэтае «іншае» часам больш карыснае, таму што атрымалася не змушана, а выпадкова.
Л.: Самая галоўная мэта на бліжэйшы год…
П.: Выжыць!
Л.: …зрабіць альбом.
Ю.: У вас такая мэта ёсць? Дзіўна…

- Т.ё., новы альбом можна чакаць на працягу гэтага года?
Л.: Ну невядома. А то атрымаецца, што мы дэкляруем нейкі бізнэс-план: вось мы зараз зробім альбом, будзем яго прадаваць на Беларусі і Украіне за пяць доляраў асобнік…
П.: Азалацімся!
Л.: Не!
П.: Дарэчы, мы дзве песні запісалі («Рок-н-рол не ўратуе» і «Песня павешаным 1863 года»- заўв. аўт.) і невядома, ці ўвойдуць яны ў альбом. Раней усе запісаныя песні ўваходзілі ў альбом, мы не разбрасываліся песнямі. А зараз вось з’явіліся праекты нечаканыя і мы так: «От хай вам будзе, от вам… „Бярозы ды сосны“!» Раней такога не рабілі: раней кожную песенку набліжалі да альбома…
Л.: Копеечка к копеечке…
П.: А зараз неяк так, невядома ці ўвойдуць тыя дзве песні ў альбом, хаця…
Л.: Не, «Бярозы ды сосны» дакладна не ўвойдуць!
П.: «Бярозы ды сосны» разрастуцца ў праект, я ўпэўнены.
Л.: У «Дубы і баабабы»!
(смех)


Гутарыла Агата СТУПАКОВА
bona-dea@yandex.ru

планета М

фота з канцэрту ў Баранавiчах 18.06.04











Если вам необходим почтовый аккаунт, тогда почта на Qip.ru - ваш выбор. Для хранения фото и видео рекомендуем бесплатный фотохостинг.
Для студентов и абитуриентов: крупнейшая библиотека рефератов и сочинений. Скриншот экрана - просто и удобно с QIP Shot.